ШЧЫТАПАДО́БНАЯ ЗАЛО́ЗА,

эндакрынная залоза пазваночных жывёл і чалавека, якая выпрацоўвае 3 гармоны: тыраксін, трыёдтыранін і кальцытаній (рэгулюе фосфарна-кальцыевы абмен).

Няпарны орган (радзей парны — у земнаводных і птушак), размешчаны ў сярэдняй вобласці шыі пад гартанню. Асн. марфал. і функцыян. адзінка Ш.з. — фалікул. Мае форму шчыта (адсюль назва) або падковы. У чалавека Ш.з. размешчана ў пярэдняй вобласці шыі, спераду і па баках ад трахеі, складаецца з 2 доляў (правай і левай), злучаных перашыйкам. Маса Ш.з. дарослага чалавека 20—60 г, нованароджанага — 1—2 г. Недахоп гармонаў Ш.з. тыраксіну і трыёдтыраніну ў раннім дзіцячым узросце прыводзіць да крэцінізму.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)